Навела
Сёння ёй зусім не спалася. Доўга варочалася з боку на бок, прыжмурвала вейкі, драмала, а сон так і не ішоў. Штосьці вярэдзіла душу, не давала заснуць. Гэтае штосьці здавалася такім значным, важкім, што падумалася: “А ці вытрымае маё збалелае сэрца гэтыя ўспаміны, што ўжо каторую ноч не даюць заснуць, будзяць, вярэдзяць штосьці ў душы”.
А пачалося ўсё з Сяргеевай заўвагі: “Малайчынка, матулька, трымайся за жыццё, без таты пражыла амаль дваццаць гадоў, а то ўсё прыплаквала на могілках, шкадуючы і сябе, і яго, татку, казала, што не пражывеш доўга без яго”. А яна сапраўды ўжо без Алеся дваццаць гадоў, дваццаць доўгіх гадоў успамінаў, бяссонных начэй, згадак, нямых звяртанняў да сябе і яго, да Бога.
А пачалося ўсё калісьці так хораша. Яе, Любу, маладую настаўніцу, выпускніцу педвучылішча, прыслалі па накіраванні піянерважатай у Чамялы. Вёсачка прыгожая, невялікая, амаль з ўсіх бакоў акружана лесам, ёсць і невялікае азярцо, на беразе якога так любілі адпачываць мясцовыя жыхары. Не міналі яго і настаўнікі, асабліва моладзь, бо адпачывалася там заўсёды цікава, ды і азярцо дарыла сваю зачараванасць маладым ды прыгожым. Тут і спаткала Люба сваё каханне, першае і апошняе ў яе жыцці. Сяброўка – бібліятэкарка Таня прывяла з сабой новага настаўніка, які толькі што прыехаў працаваць у іхнюю васьмігодку. Спазніўся на заняткі, бо прыхварэў на запаленне лёгкіх, ляжаў у бальніцы. Убачыла яго, Алеся, – і замерла сэрца, потым пачало несуладна стукаць, выбівацца з грудзей. “Гэта, ён, ён, – крычала спалоханая яе душа, – мой адзіны і назаўсёды!”
Высокі, чарнявы, з вельмі прывабнымі рысамі твару: кучаравыя валасы падалі на лоб, часам закрывалі вочы і бровы ўроскід, карыя вочы з доўгімі вейкамі. Яна закахалася адразу, не думаючы ні аб чым, нібы кінулася ў вір з галавою.
Але каханне было безадказным. Часам глядзеў ён нейкім праніклівым позіркам на яе, быццам штосьці хацеў дазнацца, прачытаць у яе блакітных вачах, але потым апускаў галаву, а ёй ужо мроілася ад гэтага погляду іншае: вось яны, маладыя, у вясельных строях, ідуць у яе бацькоўскую хату; бацька і маці сустракаюць іх хлебам-соллю, жадаюць шчасця, а Алесь, не зводзячы з яе закаханых вачэй, шчасліва ўсміхаецца.
А атрымалася ўсё да слёз празаічна: аднойчы, гледзячы кудысьці ў бок, быццам адводзіў вочы, сарамліва прапанаваў: “Давай, Любаша, распішамся, бачу, неабыякавая ты да мяне, ды і да спадобы мне твае блакітныя вочы, зладзім неяк наш сямейны карабель”. А потым, як ёй здалося, пажартаваў: “Калі і не люба будзеш, то ўсё роўна Любай буду называць…”
Гэтая ноч была амаль самай доўгай у яе жыцці: успаміналіся словы, якія не здаваліся ўжо ёй жартоўнымі, а, наадварот, ад іх веяла непрыхаваным цынізмам, але ведала, што за яе рашыла яе сэрца: пайду, бо кахаю, і жыць без яго, Алеся, не змагу.
Распісаліся, згулялі вяселле, якое зладзілі яе бацькі (Алесь быў са шматдзетнай сям’і – сродкаў у бацькоў не было, бо вучылі дзяцей). І паплыло сямейнае жыццё.
Шчасціла амаль ва ўсім: Алесь быў уважлівы, вельмі шкадаваў жонку, дапамагаў па гаспадарцы, ды і грошы прыносіў немалыя, бо працаваў ужо завучам у васьмігодцы, у невялічкай вёсачцы, куды яны пераехалі адразу пасля вяселля. Радавалася Люба, ловячы на сабе яго шчаслівы погляд, а чаго было і не радавацца: нарадзіла двух хлопчыкаў-пагодкаў, малады бацька так любіў сваіх пестуноў, што яны ад яго не адыходзілі. Сэрца даўно перастала сціскацца ад думкі, што яе Алесь не кахае, бачыла, што не абыякавы да яе, сыноў шкадуе, даглядае, песціць.
Бяда прыйшла нечакана, адтуль, адкуль яна яе не чакала: з суседняга раённага цэнтра, дзе праводзіліся абласныя спаборніцтвы па шахматах. Алесь любіў гэтую гульню ды і ўмеў у яе гуляць. Таму ў сваім раёне заняў прызавое месца, тады і паслалі яго ў суседні на міжзанальныя спаборніцтвы. Прыехаў яе чалавек адтуль зусім іншым. Нечага мітусіўся, пакрыкваў на дзяцей, непрыязна паглядваў на яе, Любу. Дбалы гаспадар раней, зараз і не заглядваў у той хлеў, не любаваўся скацінкай, якую так любіў даглядаць. Пачаў спазняцца з работы, хаця і працавалі разам, яна ведала, работы ў яго больш, бо мае адказную пасаду, не папракала, не ўшчувала, ведала, калі нешта не так скажа сам, такі ўжо характар мае. І яшчэ здзівіла адно яе, Любу. Вельмі чакаў мясцовую паштарку Ліду, выцікоўваў, бег насустрач, пра нешта пытаўся. Ліда адказвала аднаслоўна, адмоўна матаючы галавой. Але аднойчы (Люба падглядзела праз акно) Ліда ўручыла Алесю нейкі аб’ёмны канверт. Закрыўшыся ў спальні з гэтым пасланнем, ён доўга не выходзіў адтуль. І вось яе Алесь – зноў сама радасць, улюблёнасць, гаспадарлівасць, зноў сыны слухаюць байкі бацькі, седзячы на яго жываце. Але нешта трывожнае было ў яго вачах, быццам ён развітваўся з ёю, з дзецьмі. Нібы маліла аб нечым яго ўтрапеная душа, ёй здавалася, што ён аб нечым разважае, бо яго ўдумліва-засяроджаны позірк лавіла часам і на сабе, на Сярожы і Колі, іх дзецях. Яна ўжо ведала: нешта здарыцца. І здарылася, раніцай, у адзін выхадны.
– Я не магу тут, у гэтай школе працаваць, мне няма размаху, прасторы, я хачу ў рэдакцыю, там вальней, там ёсць дзе разгарнуцца майму таленту. Ды і сябар мяне запрашае ў Івацэвічы, у раённую газету. Паеду я, Люба, на выхадныя буду прыязджаць да цябе, да дзетак.
Алесь быў таленавіты ад прыроды чалавек: пісаў вершы, прозу.
Яна адказала аднаслоўна:
– Едзь.
І пацяклі дні растанняў і сустрэч з блізкім і дарагім чалавекам – бацькам, мужам. Спачатку прыязджаў амаль на кожныя выхадныя, потым радзей і радзей. Хлопчыкі, заглядваючы маці ў вочы, гаварылі : “Мамка, а дзе наш татка, чаму не едзе?” Яна як магла, супакойвала, гладзячы крывіначак сваіх па галаве: “Не хвалюйцеся, прыедзе, працы многа, затрымаўся, не забудзе ён такіх сыночкаў-грыбочкаў”. А сэрца не слухалася гэтых довадаў; ужо яно, чуйнае, ведала: штосьці, ці хтосьці трымае яе чалавека!
Меншы, Сярожка, прыбег аднойчы ў слязах: “Мама, навошта хлусіш пра тату, Коля Ліхавей сказаў каля клуба, што татка нас кінуў, у яго ёсць другая…”
Любіна сэрца трывожна забілася: вось яна, праўда, праўда вясковых жанчын, бо, як кажуць, дыму без агню не бывае. У наступны Алесеў прыезд паміж імі адбылася сур’ёзная размова: ён усё адмаўляў, хаця ў жыцці ніколі не хлусіў, крычаў, што гэта плёткі, што Маня Ліхавеева – вядомая пляткарка, адкуль і што ўзяла…
І яна, гаротніца, паверыла. Выняла з шафы новыя чаравікі, старыя былі паношаныя, дзе-нідзе распаўзліся па швах, і падала Алесю: “На, купіла ўчора ў краме, якраз чэхаславацкі абутак да нас завезлі”. Алесь узрадаваўся, адразу прымерыў, прайшоўся па хаце, сядзелі як улітыя. Шчыра падзякаваў і адразу зазбіраўся: ехаць трэба. Перад яго ад’ездам зарубала дзве качкі, і, збіраючы сумку ў дарогу, паклала абедзве, мы абыдземся, а яму есці трэба, работа адказная, займае многа часу, а згатаваць няма каму. Было каму, а ці ведала, дурніца, што тыя качкі смажыла ўжо другая, саперніца, што елі іх, цалуючыся, прыгаворваючы: “Ах, якая смаката”. Узрадавалася Алесева каханка, што і абутак купляць яму не трэба, а лепш грошы патраціць на каштоўны пярсцёнак.
Гэта потым Люба дазналася, што ў час тых даўнішніх шахматных спаборніцтваў сустрэў яе Алесь сваё першае каханне, юнацкае, недаверліва-шчырае, але ўзаемнае. І не мог стрымацца, кінуўся да сваёй Таццяны (да таго часу яна разышлася з мужам – дзяцей не мела), ды так кінуўся, што забыў і пра сыноў сваіх, і пра Любу, і пра калег-настаўнікаў, сяброў. Здавалася, вось яно – шчасце, само плыве да яго на чароўнай лодцы, а ў ёй яна, Таццяна.
Сталі жыць разам, ён працаваў у рэдакцыі, яна ў мясцовай школе. Таня была замужам за лётчыкам, грошай мела багата, але зараз былы муж не выдаткоўваў ёй ні на абновы, ні на каштоўнасці. Часам грошай у іх з Алесем не хапала, якія заробкі ў карэспандэнта ды настаўніцы? Таму збірала яго ў дарогу да жонкі, да сыноў: “Едзь, хай падзеліцца прадуктамі, грашыма, колькі ёй у вёсцы трэба!” І ён ехаў, а Люба аддавала апошняе; пра аліменты і размовы не было: як жа сапсаваць яму, Алесю, аўтарытэт.
Аднойчы толькі не стрывалася, сарвалася, але ўжо прыняла рашэнне: “Хопіць, больш не пушчу ні дахаты, ні да дзяцей”. А было так. Прыехаў Алесь, дапамог скідаць сена ў стог, а яна сабралася ў ягады, жанкі мясцовыя ўзялі з сабой. Ехалі ў Гута-Міхалін на калгаснай машыне, спявалі, радаваліся яснаму сонечнаму дню, а яна яшчэ таму, што Алесь дома, абяцаў сустрэць пасля ягад каля машыны. Назбіралі многа, яна – два вядры. Стамілася, ледзь злезла з машыны. Мужчыны сустракалі жонак, даверліва прытуляючыся да сваіх палавінак, бралі вёдры, неслі дахаты. І станавілася лягчэй: кудысьці дзявалася стома, і яны подбегам спяшаліся за сваімі хлопцамі. А яна стаяла адна, утрапёная, зніклая, сумная, бо яе ніхто не сустрэў. І тут яна ўбачыла, як хутка бяжыць Коля, старэйшы сынок, да машыны: “Мама, а тата паехаў! Памыўся, пабрыўся, сказаў, што тэрмінова на працу трэба”. Рашыла: больш жыць так нельга, трэба і годнасць жаночую мець. Рашучая, яна сказала як адрэзала.
Але вярнуўся Алесь да роднага селішча сам, нейкі паніклы, быццам сабака пабіты. Сказаў, што больш нікуды не паедзе, жыць будзе ў сям’і, а каханку казаў кінуў, здрадніцай аказалася: партбілет, пашпарт украла, так не хацела адпускаць ад сябе. Толькі рашэнне прыняў ён канчатковае: толькі быць з сям’ёй разам, з дзецьмі, з ёй, з Любай. Не біўся ілбом аб сценку, не каяўся, не прасіў прабачэння. У гэтым быў увесь Алесь, што сказаў – як адрэзаў.
І пацяклі звычайныя будні: стаў зноў працаваць у васьмігодцы, збудавалі хату, выгадавалі дзяцей. Хлопцы пайшлі вучыцца. Меншы, Сяргей, у Пружанскі сельгастэхнікум, Коля, старэйшы, у Мінскі радыётэхнічны інстытут. Жылі як і ўсе, часам сварыліся, але гэта была рэдкая з’ява, дні цяклі будзённыя, звычайныя. Ніякіх узвышаных пачуццяў, прызнанняў у каханні не было.
А ў хату ўжо кралася бяда: захварэў Алесь нечакана, раптоўна. Спачатку высокая тэмпература, потым дрэнныя аналізы. Дыягназ не даваў ніякіх надзей. Хлопцы к таму часу мелі прэстыжныя грашовыя пасады, таму і ратавалі бацьку як маглі. Але ні брэсцкія ўрачы, ні мінскія не давалі надзеі на лепшае. Прыгавор быў канчатковы: некалькі месяцаў жыцця яе Алесю.
Люба глядзела ў спакутаваныя вочы, якія нібы прасілі-малілі: дапамажы, выратуй, дай надзею. У яе мільганула думка: гэта ж кара яму за яе пакуты, думка мільганула ды і прапала: “Божачка, грэх які, навошта ж так думаць, выратуй мне Алеся, маё адзінае каханне”.
Але няўмольны лёс забіраў ад яе Алеся. Пажаўцеў твар, схуднеў зусім, толькі пасівелай шапкай кучаравіліся валасы. Усе сілы аддавала дагляду за хворым, дапамагала, як магла, ратавала, бо жыла нейкая надзея, што ўсё будзе добра.
Сапраўды, кажуць, што надзея памірае апошняй. Раптам Алесю стала зусім дрэнна, паклікаў яе, Любу, да ложка, ціха сказаў: “Сядай, пагаворым”, – але гаварыць ужо амаль не мог, схуднелай рукой абняў яе за плечы. Адзінае, што пачула: “Даруй за ўсё, каханая… Ты ў мяне адна…”