Навела
У гэтую ноч Антосісе чамусьці не спалася: на суседнім ложку пакрэктваў Антось, варочаючыся з боку на бок, цяжка дыхаючы, потым засынаў, зноў прачынаўся. Чула, як уставаў па лекі; цяжка ступаючы па падлозе, ішоў на кухню, бразгаў там конаўкаю, напэўна, піў ваду. Яна не ўставала, не дапамагала даць вады, прынесці лекі – хай сам лечыць сябе, ёй да яго справы няма. Спаўзла коўдра, яна падтыкнула яе пад схаладнелыя плечы і крыху супакоілася. Зажмурыўшы павекі, задрамала. Прачнулася амаль праз паўгадзіны – сон ніяк не ішоў, хоць ты вочы выкалі. Антосіха глянула на суседні ложак – Антось, пахропваючы, спаў. “Спіць, і халера яго ніякая не бярэ”, – ужо ў каторы раз думала пра свайго старога Ганна, якую ўсе ў вёсцы клікалі не інакш як “Антосіха”. “Якая я Антосіха, у яго і без мяне каго так было клікаць”, – ужо ў каторы раз прамаўляла жанчына пра сябе. І тут зноў нахлынулі ўспаміны, цяжкія, нудотныя, ад якіх халадзела ў грудзях – станавілася зусім невыносна дыхаць, быццам бы нейкія ўсхліпы вырываліся адтуль, з глыбіні яе так рана састарэлага сэрца, якое не жалілася ніколі і нікому на тое, што зрабіў яе муж, Антось, як прынізіў яе, Ганну, у тое лета 1945 года… ды і потым амаль усё жыццё ператварыў у нейкую незразумелую жудасную калатню.
…Быў верасень 1945 года. Антось, які знаходзіўся падчас вайны на прымусовых работах у Германіі, вяртаўся дахаты: наказаў, што едзе ў роднае котлішча з суседкай Карганіхай Любай, з якой разам працаваў у нямецкага баўэра. Тая прыехала раней, перадала прывітанне ад мужа, сказала: “Чакай, хутка будзе дома твой любы”. Сказала, а сама глядзела на Ганну з нейкай незразумелай усмешачкай, быццам ведала нешта такое, чаго не ведала сама Ганна.
Сказала сямігадовай дачушцы Ніначцы, што татка хутка будзе дома, абавязкова паедзем яго сустракаць на станцыю ў Блудзень. Ніначка ўзрадавалася, запляскала ў далоні, хоць, напэўна, бацьку і не вельмі памятала.
Лічыла Ганна сябе кабетаю шчаслівай: не прыгажуня, а за хлопца выйшла замуж хоць і беднага, але прыстойнага, прыгожага. Не адна дзявочая падушка была змочана слязьмі ад нераздзеленага кахання да яе Антося, не адна матка зласліва глядзела ўслед Ганне: глядзі ж ты, узяў з ёю шлюб, бо багатая, вунь колькі бацька поля мае. Поле полем, а яна Антося кахала шчыра, ад усяго сэрца. Праз год пасля вяселля нарадзілася Ніначка-задзіра, весялушка, бацькава пястуха.
І вось амаль тры гады прайшло, як Антось у Нямеччыне на тутэйшага пана працуе. А зараз падаў вестку, што дахаты едзе: прасіў сустрэць у Блудні, абавязкова ўзяць каня, бо будзе ехаць з мноствам рэчаў. У Ганны ў гаспадарцы быў конь, дабраваты воз – пра ўсё клапаціўся бацька, шкадуючы сваю адзіную дачку.
Выбіралася Ганна нядоўга, толькі Ніначку хораша прыбрала: надзела ружовую сукенку, якую перашыла са сваёй дзявоцкай, коскі запляла, на ногі абула сандалікі, за якія аддала ладнаваты кавалак сала жанчыне з горада, што прыходзіла мяняць тавар на прадукты.
Ніначку ўладкавала ззаду, сама села наперадзе – усю дарогу да Блудзеня не магла засяродзіцца, думала пра блізкую сустрэчу з каханым, не слухала і Ніначку, якая нешта весела шчабятала.
А вось і станцыя… Цягніка з Брэста доўга чакаць не прыйшлося: хутка ён паказаўся з-за павароту. Падышоў цягнік, расчыніліся дзверы – пачалі выходзіць людзі. У Ганны ўспацелі рукі, трымцелі, трымаючы за кволыя плечы Ніначку, пачалі дрыжаць вусны – хваляванне маці перадалося і дачцэ: яна не магла ўстаяць на адным месцы, увесь час круціла сваёй бялявай галоўкай, тупала ножкамі. “Божа мой, убачу скора свайго Антося, у Ніначкі тата будзе – не будзе сваволіць, слухацца будзе, гарэза”, – радасна думала Ганна.
Прыезджыя былі нейкія змарнелыя, знясіленыя, пэўна ж, няволя – не Радзіма, не бацька, не матка родныя. Раптам Ганна ўбачыла Антося – амаль не змяніўся яе муж, чырванашчокі, прыгажун-мужчына, быццам не ў Нямеччыне быў, а недзе на адпачынку. І Антось заўважыў Ганну, Ніначку, усміхнуўся толькі аднымі вуснамі, вочы былі чамусьці сумныя.
– Дачушка, Ганна, родныя мае! – усклікнуў Антось, растурхваючы пасажыраў цягніка, прабіраўся да сваіх. Вось ён і на пероне. Але што гэта? За рукі Антося трымаецца двое дзяцей: смуглявы хлопчык і тоненькае, нібы трасцінка, дзяўчо. А за мужам Ганны стаіць бялявая жанчына з такімі блакітнымі вачыма, што аж глядзець было боязна. Танклявая, стройная, апранутая зусім не па-нашаму, яна здалася Ганне не з гэтага, яе жыцця, а зусім з іншага, незямнога.
– Знаёмся, Ганна, гэта Уршуля, а гэта нашы дзеткі Лёдка і Франак, – зніякавеўшы, апусціўшы галаву, сказаў Антось.
“Божа мой”, – думала Ганна, – гэта не яго дзеці, не яго… Навошта ж так гаварыць, дзеткам гадоў пад дзевяць-адзінаццаць”.
– Добра табе жылося, Антось, калі і жонку другую, і дзяцей прыдбаў, – ціха сказала Ганна і, узяўшы Ніначку за руку, пайшла да воза. Не азіралася, – а чула спіной, як мітусліва збіралі на пероне рэчы Антось і яго новая жонка, як устрывожана нешта гаварылі дзеці. Яна падыйшла да воза і толькі хацела падсадзіць Ніначку, уладкаваць яе, як пачула:
– Ганна, пачакай! Ты не тое падумала, – ішоў услед, не адстаючы, Антось.
– Пачакай, пагаварыць трэба. Уршулі няма куды паехаць, спалілі яе родных усіх, я прапанаваў пажыць у нас, шкада дзяцей, ды і яна дапамагала мне выжыць, падтрымлівала чым магла, дзялілася апошнім кавалкам… Цяжка нам там прыйшлося.
“А мне лёгка, – зноў падумалася Ганне, – дачку яму гадавала, селішча берагла, а ён…”
Антось, абагнаўшы Ганну і Ніначку, пачаў уладкоўваць на воз чамаданы, падсадзіў дзяцей, падаў руку Уршулі.
“Што гэта робіцца? – нема малілі Ганніны вочы. – А Ніначка дзе ўладкуецца на возе, а што са мной?..”
Антось, доўга не думаючы, узяў лейцы ў рукі і пачаў панукаць каня. Не паспела апамятацца Ганна, як калёсы з’ехалі з брукаванкі на ўезджаную дарогу і падаліся ў бок Осаўцаў.
– Антось! – закрычала Ганна, – а Ніна як жа, яна ж малая – падай руку, Антось, дачцэ!
Антось, нібы не чуючы нічога, усё спрытней падганяў каня. А недзе з боку неслася: “Падай руку, Антось… Нінцы падай руку…”
Як Ганна дабралася да вёскі, яна не памятала. У хаце, якую дапамог пабудаваць яе бацька яшчэ перад вайной, ледзь тлела святло, прабіваючыся праз халаднаваты ўжо вераснёўскі вечар.
Тады ж Ганна з Нінкай пайшлі начаваць да бацькоў. Стары Міхал вельмі шкадаваў адзіную сваю дачушку Ганначку, кляў на чым свет стаіць Антося, абвінавачваючы таго ва ўсіх зямных грахах, абзываючы так, што і малая Ніначка ўжо здагадалася, што дзед гаворыць нешта непрыстойнае пра тату, якога яна амаль не памятала, але ўжо любіла.
Назаўтра вёску патрасла навіна: вярнуўся Ганнін Антось, але не адзін – прывёз сабе з Нямеччыны жонку-польку Уршулю з дзвюма дзецьмі. Адны радаваліся – так ёй і трэба, другія – шкадавалі (Ганну паважалі ў вёсцы за сціпласць, дабрыню).
Жыла ў бацькоў, у родную хату не вярталася, абрыдлай яна ёй стала. Аднойчы зайшоў Антось (падгледзеў, калі не было Ганніных бацькоў дома), прасіў прабачэння, лашчыў Ніначку, казаў, што і сам не ведае, што за насланне найшло на яго: кахае Уршулю, дзянька без яе пражыць не можа.
Цяжка было Ганне чуць гэтыя словы, яны каменем лажыліся на сэрца, адчувала сябе так, быццам нехта зласлівы пасыпае толькі што атрыманую рану соллю. Нічога не сказала Антосю, толькі папрасіла больш не заходзіць.
Так працягвалася тры гады. Жыў Антось у іхняй хаце з гэтай ганарлівай полькай, час ад часу наведваючы і Ніначку, але толькі тады, калі бацькоў Ганніных у хаце не было. Пачула аднойчы на вёсцы, што быццам Антосева каханка збегла ад яго аж некуды да Ружан, стала пакаёўкаю ў мясцовага ксяндза, дзяцей з сабою таксама забрала.
Не спалася Антосісе з тае пары: пачалі людзі рознае гаварыць, што Антось і ў кілішак заглянуць не супраць, што грубы стаў, нейкі вельмі зласлівы, ад людзей адварочваецца.
І калі аднойчы ён прыйшоў да іх у хату, пачаў прасіць вярнуцца, гаварыў, што ўсё ў іх наладзіцца, – яна згадзілася, не раздумваючы, не паддаючыся на ўгаворы бацькі з маткай, бо ведала адно: яна кахае.
І пацягнулася жыццё – доўгае, больш нешчаслівае, чым шчаслівае: Антось не кідаў свае каханкі, часам наведваўся да яе, ездзіў у Ружаны, вазіў падарункі дзецям. Ніколі ні ў ласцы, ні ў гневе не папракнула Ганна мужа, як ніколі і не пачула ад яго слоў прызнання ў каханні. Разумела, гэтыя словы берагліся толькі для той, з блакітнымі вачыма.
Так і пражыла жыццё з мужчынам, якога кахала, нялюбаю жонкаю. Даўно памерла Уршуля, дзеці яе не вельмі шчаслівую долю маюць: Лёдка, як і яе маці, любіла пафліртаваць, кінуць вока на чужога мужчыну, таму сям’ю сваю згубіла; сын Франак, кажуць, п’е. А Нінка яе замужам за ваенным мараком, жыве добра, у дастатку.
Таму і зараз не спала: перабірала ўсё сваё жыццё ў памяці, раскладала па палічках. Раптам адчула, што Антося даўно няма ў хаце. “Дзе ж ён дзеўся?” – была першая думка. Уключыла святло ў хаце – Антося нідзе не было. Тады яна падалася на двор, дзе ўжо добра развіднела, з двара – да хлеўчыка, можа, там дзе? Адчыніла дзверы ў клуньку, куды складалі сена з агарода, і ўбачыла Антося, які сядзеў на купцы сена і цяжка дыхаў.
– Што з табой?
– Ды вось сэрца так прыхапіла, што не магу ўстаць. Мусіць, Ганна, аджываю… Падай мне руку, пойдзем у хату, лекі трэба прыняць, – ціха гаварыў Антось, ледзь варушачы сасмяглымі вуснамі.
“Падай мне руку, – як рэхам пранеслася ў галаве Ганны. – Падай мне руку…”
Яна хуценька зачыніла дзверы ў клуньку, затрымалася каля іх, зларадна думаючы: “Руку табе падай… Памірай…”
І ў вачах – тая карціна 1945 года… Вакзал… Уршуля з дзецьмі… Нейкая струнка ў душы Ганны раптам затрымцела: “Што я раблю… Ён жа жывы чалавек…”
Ганна хуценька адчыніла дзверы ў клуньку, ціха падыйшла да зняможанага, ссінелага Антося, узяла за плечы, дапамагла падняцца. Прывёўшы ў хату, дала лекаў. Трымаючы конаўку дрыжачымі рукамі, Антось сказаў: “Дзякуй, Ганначка, за працягнутую руку… Даруй мне за ўсё…”
Антось памёр праз два гады. У апошні шлях яго праводзілі блізкія, родзічы, суседзі – Ганна за труной не ішла.
Не даравала…