Урач вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі,кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт.
Сяргей Сяргеевіч Васілеўскі нарадзіўся 8 сакавіка 1958 года ў горадзе Высокае Брэсцкай вобласці. У 1984 годзе скончыў Гродзенскі дзяржаўны медыцынскі інстытут. Праходзіў інтэрнатуру на базе Брэсцкай гарадской бальніцы.
У 1985-2005 гг. – галоўны ўрач Сялецкай участковай бальніцы.
Навучаўся масажным навыкам у Масаюкі Саёнжы (Японія). У 1998 годзе вывучаў традыцыйную кітайскую медыцыну ў Шандуньскім універсітэце, у шпіталі традыцыйнай кітайскай медыцыны гарадоў Цзыбо і Тайюань. У 2005 годзе атрымаў сертыфікат Акадэміі традыцыйнай кітайскай медыцыны. Ім распрацавана арыгінальная методыка мануальнай тэрапіі ў комплексным лячэнні хворых бранхітам з неўралагічнымі праявамі астэахандрозу пазваночніка.
З 2012 года начальнік філіяла № 1 установы аховы здароўя «Бярозаўская цэнтральная раённая бальніца» «Белаазёрская гарадская бальніца».
Прафесійныя абавязкі сумяшчае з навуковай і пісьменніцкай дзейнасцю. У 2008 годзе абараніў дысертацыю, атрымаў вучонае званне дацэнта па спецыяльнасці «Клінічная медыцына». У 2010 годзе ўзнагароджаны дыпломам Расійскай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі за ўклад у развіццё мануальнай тэрапіі Расійскай Федэрацыі. Аўтар 68 навуковых прац, двух манаграфій, 15 вучэбна-метадычных дапаможнікаў па метадах традыцыйнай медыцыны.
У 1996 годзе выйшла ў свет першая кніга С.С.Васілеўскага – «Методы мануальной и рефлексотерапии в комплексном лечении поясничных болей».
Кніга «Рефлекторный массаж кистей» з’явілася вынікам вучобы аўтара ў Кітаі. У яе падрыхтоўцы вялікую дапамогу аказаў кандыдат медыцынскіх навук Іосіф Адольфавіч Дзежац.
Дзякуючы рамонтным работам у Белаазёрскай гарадской бальніцы ў суаўтарстве з І.А. Дзежацам напісана кніга «Свет и цвет, психофизиологические основы фото и хромотерапии».
У аснову кнігу «Навстречу волне по родной стороне» (2015 г.) ляглі ўражанні дзевяці гадоў падарожжаў з сябрамі па рэках Беларусі.
БОЛЬШ МАТЭРЫЯЛАЎ